П’ЕЗАЭЛЕКТРЫ́ЧНЫ ПЕРАЎТВАРА́ЛЬНІК,

прыстасаванне для пераўтварэння мех. напружанняў у эл. сігналы (і наадварот) на аснове п’езаэл. эфекту (гл. П’езаэлектрычнасць, разнавіднасць вымяральнага пераўтваральніка.

Бываюць механаэл. і электрамех.; п’езапрыёмнікі, выпраменьвальнікі, генератары, рухальнікі (прыстасаванні перамяшчэння), трансфарматары (напружання, току, сілы, скорасці, ціску); вымяральныя. З вымяральных П.п. (датчыкаў) найб. пашыраны механаэл. і п’езарэзанансныя. У найпрасцейшых механаэл. П.п. пад дзеяннем мех. напружання (ціску, паскарэння, сілы) на паверхні п’езаэлемента (або іх групы) узнікаюць эл. зарады і адпаведная эрс, значэнне якой прапарцыянальнае мех. ўздзеянню. Імі вымяраюць у асн. хутказменныя мех. ўздзеянні. Выкарыстоўваюцца ў гідраакустыцы, ультрагукавой і лазернай тэхніцы, аўтаматыцы, тэлемеханіцы і інш.

П.​А.​Пупкевіч.

П’езаэлектрычныя пераўтваральнікі: а — вымяральны пераўтваральнік ціску (1 — гайка з дыэлектрыка; 2 — электрычны вывад 3 — п’езаэлемент; 4 — металічны электрод; 5 — ізалятар; Р — ціск, які вымяраецца); б — п’езапераўтваральнік лінейнага паскарэння (1 — кварцавыя п’езаэлектрычныя рэзанатары; 2 — вакуумаваная поласць; 3 — інерцыйная маса; 4 — раздзяляльны сільфон; 5 — дэмпферавальная вадкасць).

т. 12, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)